1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Гродненская областная организация профсоюза «БЕЛПРОФМАШ» Тел./факс: 8 (0152) 55 73 21
E-mail: grodno@belprofmash.by

Медиагалерея

ГлавнаяНовостиУладар электрычных схем
24 июля 2024

Уладар электрычных схем

Слесар электрамантажных работ Гродзенскага завода гандлёвага машынабудавання Уладзімір Высоцкі займаецца электрычнай камплектацыяй абсталявання, якое выпускаецца на прадпрыемстве.

Адразу звяртаю ўвагу на поўнае падабенства імя і прозвішча з вядомым бардам. Аказваецца, гродзенец яго даўнішні прыхільнік. «У маёй маладосці яго песні былі вельмі папулярныя, — кажа ён. — У нейкім сэнсе нават выхоўвалі». Ці тыя жыццёвыя песні, ці склад характару Уладзіміра Мікалаевіча такі надзейны, але вось ужо амаль 50 гадоў ён нязменна працуе на заводзе, адзін з ветэранаў працы прадпрыемства. І ўвесь гэты час спасцігае новыя асаблівасці абсталявання.

— Прыходзіць новая дакументацыя — трэба ўмець яе чытаць, ведаць схемы. Вось, бачыце, якое ў пасудамыечнай машыне электраначынне. Раней была механіка, зараз электроніка. Усё мяняецца, таму трэба пастаянна вучыцца, каб авалодваць такімі схемамі, — расказвае спецыяліст.

Прадпрыемству больш за 60 гадоў. Можна сказаць, што ўвесь вытворчы шлях завод праходзіў не толькі на вачах Уладзіміра Мікалаевіча, але і з яго ўдзелам. Ён быў сведкам таго, як была наладжана вытворчасць ў савецкі час, калі на заводзе нават працаваў філіял маскоўскага навукова-даследчага інстытута. З развалам Саюза завод хоць і перажываў складаныя часы, але дзейнасць не спыніў. Зараз тут выпускаецца патрэбнае і складанае абсталяванне. У тым ліку медыцынскія боксы, электранагравальнікі, пасудамыечныя машыны, гідраакумулятары і іншая прадукцыя.

Наш субяседнік якраз займаецца электрамантажнымі работамі пасудамыечных машын. Гэта не тая бытавая тэхніка, якую мы прывыклі бачыць у дамах, а цэлы вялікі комплекс агрэгатаў для адпаведных устаноў і гандлю. За гадзіну такая машына спраўляецца з трыма тысячамі талерак. Тут выпускаюць некалькі відаў такога абсталявання. За гады паставак многія спажыўцы ўпэўніліся ў іх якасці і заказваюць менавіта іх. Ідзе прадукцыя і на расійскі рынак.

Уладзімір Мікалаевіч, здаецца, ведае ўсе асаблівасці і параметры сваіх машын. Ён займаецца поўнай зборкай электроннага начыння, якое змяшчаецца ў некалькіх невялікіх скрынях. «Калі б не электроніка, гэтыя скрыні былі б у некалькі разоў большыя, — кажа майстар.

— А так яны выглядаюць кампактна, дазваляюць кіраваць многімі функцыямі. Такім чынам, душ, паласканне, сушка, абдзіманне — гэта ўсе ідзе ў аўтаматычным рэжыме», — паясняе спецыяліст.

Уладзіміру Высоцкаму нядаўна споўнілася 70 гадоў, і ён поўны сіл і энергіі. З’яўляецца перадавіком вытворчасці, больш за 30 гадоў быў брыгадзірам. Работа, як і для большасці прадстаўнікоў яго пакалення, з’яўляецца важным складнікам лёсу. «Жонка ўжо просіць, каб я сыходзіў, але бачу, што патрэбен тут, інакш, мабыць, і сышоў бы. Плацяць дастойную зарплату, умовы добрыя, за стаж надбаўка, добрыя адносіны з боку кіраўніцтва завода», — пералічвае перавагі вытворчага жыцця субяседнік.

— Адсутнасць гэтага чалавека будзе адразу заўважана, — каменціруе старшыня пярвічнай арганізацыі прафкама завода Анатоль Леваненя. — Ідзе змена пакаленняў, вопыт варта перадаваць, але нам важна захаваць і нашы кваліфікаваныя кадры. Работы шмат.

Прадпрыемства выпускае да сотні вырабаў, абсталяванне пастаянна мадэрнізуецца. Але новыя тэхналогіі без кваліфікаваных кадраў наўрад ці дадуць эканамічны эфект. Таму важна клапаціцца аб людзях і забяспечваць ім камфортную працу. На прадпрыемстве значна палепшыліся бытавыя ўмовы, своечасова выплачваецца заработная плата. А ўзрост для работы не перашкода.

источник https://zviazda.by/be/news/20240722/1721661493-materyyalnyya-stymuly-dlya-pensiyanerau-yakiya-pradauzhayuc-pracavac

Маргарыта Ушкевіч 

Фота аўтара


Warning: Use of undefined constant php - assumed 'php' (this will throw an Error in a future version of PHP) in /home/user2112226/www/grodno.belprofmash.1prof.by/skin/footer.php on line 70

Warning: Use of undefined constant php - assumed 'php' (this will throw an Error in a future version of PHP) in /home/user2112226/www/grodno.belprofmash.1prof.by/skin/footer.php on line 75

Карта сайта